Мастэрс 1998 (снукер)
Мастэрс 1998 (англ.: Masters 1998, таксама вядомы як Benson and Hedges Masters 1998 — па назве спонсара) — прафесійны нярэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 1 па 8 лютага 1998 года ў «Уэмблі канферэнц-цэнтры», у Лондане. Турнір стаў 24-м розыгрышам Мастэрс, які праводзіцца штогод з 1975 года. Спонсарам турніру ў чарговы раз стала тытунёвая кампанія Benson and Hedges. Прызавы фонд турніру склаў £535,000 (на £35,000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £145,000 (на £15,000 больш, чым у мінулым годзе) атрымаў пераможца. У турніры прыняло ўдзел 18 гульцоў. Топ-14 афіцыйнага рэйтынгу аўтаматычна трапілі ў першы раўнд. Снукерысты, якія займалі 15 і 16 месца ў рэйтынгу, гулялі ў папярэднім раўндзе з пераможцам кваліфікацыйнага турніру і ўладальнікамі уайлдкард. У фінальным матчы валійскі гулец Марк Уільямс выйграў у вырашальным фрэйме шасціразовага пераможцу шатландца Стывена Хендры. |